Печать

Гасцінная кобрынская зямля шчыра запрасіла да сябе ў госці ўдзельнікаў VI абласнога адкрытага фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”. А адбыўся святочны фэст 21 мая і аб’яднаў больш за паўтары тысячы дзяцей амаль з усіх устаноў адукацыі Брэсцкай вобласці.

5407-1 5407-1 5407-2 5407-2 5407-3 5407-3 5407-4 5407-4 5407-5 5407-5 5407-6 5407-6 5407-7 5407-7 5407-8 5407-8 5407-9 5407-9 5407-10 5407-10 5407-11 5407-11 5407-12 5407-12 5407-13 5407-13 5407-14 5407-14

Праграма фестывалю складалася са шматлікіх выступленняў фальклорных, танцавальных і інструментальных калектываў, выканаўцаў традыцыйных абрадавых песень, вядучых гульняў і забаў. Для гэтага ў горадзе былі размешчаны шэсць канцэртных пляцовак, галоўнай з якіх стала пляцоўка амфітэатра ў парку імя А. В. Суворава. Тут жа, на алеі парку, прайшла выстава работ дэкаратыўна-прыкладного мастацтва “Горад майстроў”, дзе можна было захапіцца не толькі прадстаўленымі кожным раёнам традыцыйнымі рамёствамі, але і выстаўкай традыцыйных народных страў “Бабуліна кухня”.

Пачалося святочнае дзейства на плошчы Леніна з правядзення старажытнага абрада “Стрілка”. Традыцыйна кожны “Радавод” суправаджае нейкі адзін абрад, розны на кожным фестывалі. Арганізатары мерапрыемства паведамілі, што яшчэ ніколі “Стрілка” не праводзілася з такой вялікай колькасцю дзяўчат і жанчын, танцы-карагоды якіх, запоўнілі амаль усю пляцоўку каля райвынкама.  Далей адбылося вясёлае шэсце ўдзельнікаў фальклорных калектываў вобласці і гасцявых калектываў да летняга амфітэатра. Усю дарогу дзяўчат і юнакоў у нацыянальных касцюмах суправаджалі песні, танцы і карагоды. Затым на галоўнай пляцоўцы адбылося ўрачыстае адкрыццё VI абласнога адкрытага фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”, дзе былі прадстаўлены ганаровыя члены аргкамітэта. Імі сталі намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ірына Чоўжык, начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Тарасюк, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама Галіна Радковіч.

Экспертнае журы абласнога фестывалю ўзначаліла намеснік начальніка аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Людміла Цупрык.

Ад пераможцаў V фестывалю “Радавод” - фальклорных калектываў Іванаўскага раёна - Валянціну Трубчыку быў перададзены духмяны каравай як сімвал дабрабыту і шчасця, а Валянцін Васільевіч у сваю чаргу таксама вітаў усіх удзельнікаў свята, гасцей і жыхароў горада Кобрына, падкрэсліўшы значнась мерапрыемства, мэтай якога з’яўляецца захаванне духоўнай культуры нашага народа, і выказаў задаволенасць, што сёлета фестываль адбываецца на Кобрыншчыне.

Не перадаць словамі, з якой шчырасцю і любоўю да радзімы ўдзельнікі фэсту, усе апантаныя людзі зберагаюць традыцыі і культуру, якая, складаючыся доўгі час, сёння здзіўляе ўвесь свет.

Бліжэй пазнаёміцца з фальклорам Брэстчыны, а таксама паказаць сябе на “Радаводзе” прыехалі нават замежныя госці – калектывы з Украіны і Польшчы.

Больш зацікаўленых аматараў рэгіянальнага фальклору можна было сустрэць у Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава, дзе на навукова-даследчай пляцоўцы “Фальклорная спадчына” ў рамках фестывалю адбылася дзіцячая навукова-практычная канферэнцыя “Папулярызацыя традыцыйнай народнай культуры, шляхі зберажэння мясцовых традыцый”. Там жа праходзіў конкурс відэакліпаў “Берасцейская талакуха”.

Акрамя шматлікіх турыстаў і гасцей фестывалю, усе рэгіянальныя асаблівасці з годнасцю ацаніла і журы, якому, дарэчы, вельмі цяжка было некага вылучыць з усяго ліку таленавітых дзяцей. Як лагічнае завяршэнне мерапрыемства напрыканцы вечара адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў VI абласнога адкрытага фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”.

Сярод калектываў, атрымаўшых прызавыя месцы, дыпломамі розных ступеняў былі таксама ўзнагароджаны калектывы ўстаноў адукацыі Кобрынскага раёна, у прыватнасці Кобрынскі раённы цэтр дзіцячай творчасці ў намінацыях "Відэакліп. Берасцейская талакуха”,“Выканаўцы танца ў стылі фольк-мадэрн” і інш. Аддзел адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама стаў першым у намінацыі “Горад майстроў” і другім у намінацыі “Лепшая фальклорная праграма”. Прызавыя месцы ў іншых намінацыях атрымалі Лелікаўская сярэдняя школа імя Уладзіміра Шапецюка, Павіцьеўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа і Акцябрскі дзіцячы сад-сярэдняя школа (калектыў “Медуніца”). А найвялікшую ступень узнагароды – Гран-пры фестывалю – атрымалі ўзорны ансамбль народнага танца “Мацейка” і ансамбль “Вясёлыя музыкі” сярэдняй школы № 13 горада Баранавічы. Як адзначыла кіраўнік ансамбля “Мацейка” Таццяна Мацейка, “Радавод” у Кобрыне з’яўляецца для калектыву ўжо пятым. З кожнага фестывалю яны прывозілі ўзнагароды, якія з кожным крокам усё павышаліся, але цяперашняе мерапрыемства перасягнула ўсе чаканні і застанецца ў памяці дзяцей на ўсё астатняе жыццё.

Хочацца спадзявацца, што ўдзельнікі фестывалю і госці Кобрыншчыны змаглі не толькі дакрануцца да самага чыстага і цудоўнага - да нашай спадчыны, але і атрымалі толькі прыемныя ўражанні і шмат новых сяброў.

Герб Брестской области