Печать

Віншаванне ад кіраўніцтва вобласці з Днем ведаў

  Паважаныя берасцейцы! Дарагія школьнікі, навучэнцы і студэнты, педагогі і бацькі!

Сардэчна віншуем усіх вас з самым цудоўным, кранальным і хвалюючым святам – Днём ведаў, які традыцыйна адзначаецца ў Беларусі 1 верасня.

У гэты восеньскі дзень у нашай вобласці, як і ўсюды па краіне, зноў ажываюць школьныя класы і вузаўскія аўдыторыі, вуліцы гарадоў і вёсак  расквечваюцца яркімі букетамі ў руках дзяцей, а большасць дарослых з цёплым настальгічным смуткам узгадаюць незабыўныя школьныя гады.

Вучоба – гэта заўжды насычаны, цікавы і, бадай, самы адказны перыяд у лёсе любога чалавека. Менавіта ў гэты час закладваецца падмурак яго уласнай будучыні. Бо ў сучасным свеце веды – аснова прагрэсу і росквіту грамадства, залог эфектыўнай дзейнасці ў любой сферы, абавязковая ўмова паспяховай кар’еры і ўвогуле паўнацэннага жыцця. Пры гэтым маладым людзям важна разумець, што толькі настойлівай працай, стараннасцю можна дасягнуць плёну ў вучобе.

1 верасня асаблівыя словы ўдзячнасці мы адрасуем педагогам, чыя нястомная праца, высокі прафесіяналізм і душэўныя якасці ў многім вызначаюць, наколькі паспяховымі будуць нашы дзеці ў вучобе і жыцці, якімі грамадзянамі яны стануць і які ўклад унясуць у развіццё сваёй Радзімы – вялікай і малой.

Няхай новы навучальны год прыносіць школьнікам, навучэнцам і студэнтам цікавыя адкрыцці, глыбокія веды, радасць творчасці! Педагогам зычым натхнення, прафесійных удач і таленавітых  выхаванцаў, а бацькам – гонару за поспехі сваіх дзяцей.

У добры шлях! З пачаткам новага захапляючага падарожжа ў краіну ведаў!

Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт  
Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў

Герб Брестской области