Печать

У Брэсце назвалі імёны ўладальнікаў літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка . Пераможцаў віншавалі ў Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна.

Крыніца: тэлерадыёкампанія "Брэст"

7228

Таленавітым паэтам і пісьменнікам 26 верасня ўручылі літаратурныя прэміі аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка.

Урачыстае мерапрыемства прайшло ў актавай зале Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і было прымеркавана да 95-годдзя з дня нараджэння вядомага педагога, літаратуразнаўцы, крытыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа Уладзіміра Калесніка.

Прэміі аблвыканкама лепшым прадстаўнікам літаратурнага асяроддзя Брэстчыны ўручыў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Вялічка.  

– За дзесяць гадоў існавання гэты конкурс даказаў сваю запатрабаванасць, дазволіў адкрыць мноства новых таленавітых імёнаў. Сімвалічна, што ў юбілейны год нараджэння Уладзіміра Калесніка мы праводзім цырымонію ўзнагароджвання лаўрэатаў прэміі ў сценах гэтага ўніверсітэта. Менавіта з ім звязана большая частка працоўнага жыцця Уладзіміра Андрэевіча. Таксама цудоўна, што непасрэднымі ўдзельнікамі сённяшняй сустрэчы з’яўляюцца студэнты, а сярод лаўрэатаў прэміі ёсць прадстаўнікі моладзі. Гэта значыць, што мы ўвачавідкі можам пераканацца ў пераемнасці пакаленняў, – адзначыў Алег Іванавіч падчас мерапрыемства.

У галіне паэзіі лаўрэатам прэміі стала жыхарка вёскі Мачуль Столінскага раёна Галіна Бабарыка. Высокай адзнакі савета па прысуджэнні прэміі атрымаў яе зборнік лірыкі «Дарога ў восень».

У галіне паэзіі прэмію таксама атрымала Настасся Нарэйка з Камянца за паэтычны зборнік «Магдэбургскае права маёй душы».

Кніга Фёдара Саевіча «Беловежская пуща: моя судьба, моя любовь» была адзначана прэміяй у галіне прозы. У гэтай жа намінацыі перамог жыхар вёскі Магіліцы Івацэвіцкага раёна, таленавіты мастак, паэт і пісьменнік Анатоль Галушка, які напісаў выдатную кнігу  «Яблычны спас». Улічваючы стан здароўя пісьменніка, савет па прысуджэнні прэміі прыняў рашэнне ўручыць узнагароду па месцы жыхарства. 

У галіне дзіцячай літаратуры прэмію атрымала аглядальнік газеты «Заря», маладая пісьменніца Алена Гневушава з Брэста. Яе прыгодніцкая кніга «Замок тайн», па водгуках супрацоўнікаў бібліятэчнай сістэмы рэгіёну, карыстаецца папулярнасцю сярод маленькіх чытачоў. Дарэчы, займальныя аповеды Алены можна сустрэць і на тэматычнай старонцы «Лучик», якая адрасавана дзецям і двойчы ў месяц публікуецца ў газеце «Заря».

У рамках мерапрыемства таксама былі ўручаны ўзнагароды рэспубліканскага маштабу. За паспяховую творчую, актыўную грамадскую дзейнасць і з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання дыпломы Саюза пісьменнікаў Беларусі атрымалі  паэтэса, празаік и драматург Зінаіда Дудзюк, празаік і публіцыст, галоўны рэдактар «Астрамечаўскага рукапісу» Аляксандр Валковіч і дзіцячы пісьменнік Расціслаў Бензярук.  

Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама за актыўную грамадзянскую пазіцыю і грамадскую дзейнасць, за значны ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Берасцейшчыны ўзнагародзілі пісьменніка-публіцыста з Іванава Анатоля Дзянісейку.

– Творчыя людзі ва ўсе часы рабілі наша жыццё больш яркім, глыбокім і шматгранным. І ўсё таму, што вы, паважаныя пісьменнікі і паэты, умееце ствараць дзіўныя вобразы, умееце чуць музыку ў словах, бачыце, адчуваеце і пішаце сэрцам, – звярнулася да гасцей літаратурнага свята  начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Гагакава. – У сваіх творах вы захоўваеце самае дарагое, што ў нас ёсць, – нашу сакавітую беларускую мову. За гэта вам вялікі дзякуй.

Крыніца: абласная газета "ЗАРЯ"

Герб Брестской области