Печать

Нематэрыяльная спадчына Брэстчыны

Побытавы танец “Спораўская полька”
вёска Спорава, Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць

Мясцовыя святы ў вёсцы Спорава па-сённяшні дзень не абыходзяцца без “Спораўскай полькі”, фігурамі якой валодаюць амаль усе вяскоўцы, у тым ліку і моладзь.

“Спораўская полька” – каларытны і яркі танец, які адносіцца да парна-гуртавых танцаў, вылучаецца тым, што ў час танца, ногі танцораў амаль што не адрываюцца ад падлогі, рухі павольныя і стрыманыя, а адносіны паміж хлопцамі і дзяўчынамі сціплыя і сарамлівыя. Між іншым, сам танец каардынаваны і рытмічны, ён захапляе сваёй нарастаючай дынамікай, а камандныя выкрыкі дадаюць эмацыянальную зладжанасць у адзіным прасторы танца. Усяго можа быць ад 12 да адвольнай колькасці каманд, якія адлюстроўваюць розныя элементы танца, пры чым не страчваецца яго гульнёвы характар.

Носьбітамі харэаграфічнай спадчыны з’яўляюцца ўдзельнікі фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Жураўка” Спораўскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу, якія перадаюць свой вопыт дзіцячаму фальклорнаму гурту “Жаўручкі”. Дзякуючы кіраўніку Валянціне Іванаўне Чайчыц, наладжана навучанне дзяцей фігурам полькі, што надае надзею аб тым, што больш чым векавая традыцыя вёскі Спорава не адыйдзе ў нябыт, а прадоўжыцца ў кожным хто адчуе і зразумее прыгажосць сваёй спадчыны.


Вясельная каравайная традыцыя
вёска Моталь, Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць

Вясельны каравай – гэта сімвал дабрабыту і шчасця маладой сям’і. Па сённяшні час у вёсцы Моталь захоўваецца старадаўні звычай выпечкі, упрыгожвання і міжродавага падзелу абрадавага хлеба – каравайная традыцыя.

Менавіта, з выпечкі каравая пачынаецца вяселле. Для гэтага спецыяльна запрашаюцца жанчыны-каравайніцы, абавязкова шчаслівыя ў шлюбе, бо лічыцца, што яны могуць сваёй энэргетыкай паўплываць на лёс маладых, перадаць ім сваю долю.

Каравайная частка вясельнага абраду ўключае ў сябе шэраг адказных чынаў: расчыненне, замес, гібанне, сажанне ў печ, выйманне з печы, упрыгожванне, а таксама выкуп і падзел. Кожны этап суправаджаецца адмысловымі дзеяннямі, каб “запраграмаваць” добры шлюб. Спецыяльным упрыгожваннем для каравая з’яўляюцца “шышкі” – галінкі садовых дрэў, і “барылца” – жгуты цеста абвітыя вакол іх па спіралі. Каравай выпякаецца ўжо ўпрыгожанным, а потым шышкі аздабляюць папяровымі кветкамі і вечназялёнымі раслінамі.

На працягу ўсяго вяселля каравай знаходзіцца ў халодным памяшканні – “каморы”, а на заканчэнне свята кожны госць адорваецца сваёй часткай, узамен на добрыя пажаданні і падарункі маладым.

Да нашых дзён звяртаюцца жыхары вёскі Моталь да вясельных традыцый.


Традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў
вёска Падбела, Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць

Найбольш цікавай і арыгінальнай з’явай беларускага народнага ткацтва было і застаецца двухасноўнае (падвойнае) ткацтва. Росквіт дадзенага ткацтва ў Камянецкім раёне прыпадае на другую палову ХХ ст. і існуе па сённяшні час як жывая з’ява. Такія падвойныя (двухасноўныя) дываны быццам складаюцца з дзвюх асобных тканін, якія спалучаюцца адна з адной па краях і ў месцах узору. Для асновы бяруць тоўстыя ільняныя або баваўняныя ніткі, для ўтку – шарсцяную пражу хатняга вырабу. Прадзеныя ўручную ніткі надаюць дывану пэўную пругкасць, а ўзорам – рэльефнасць. Лічба “два” – ключавая ў тэрміне “падвойнае ткацтва”: двухколеравая гама дывана, два колеры нітак, якія закладваюцца ў кросны, два бакі дывана – у яго няма споду – аднолькава прыгожыя і акуратныя, толькі колеры паўтараюцца люстэркава: калі з аднаго боку жоўты ўзор на карычневым колеры поля, то з другога – карычневы на жоўтым.

Часцей за ўсё ўжываюцца ніткі чырвонага (і яго адценняў), зялёнага, сіняга, чорнага колераў, выкарыстоўваючы два кантрастныя колеры: зялёны – з карычневым або чырвоным, чырвоны – з фіялетавым або чорным і г.д. Краі камянецкіх падвойных тканін звычайна заканчваюцца махрамі: на кароткіх баках – з прадаўжэння асновы, на доўгіх – давязваюцца з такіх жа нітак, як дыван. Такой посцілкай можна карыстацца на абодва бакі. “Дыван” можа праслужыць не год і нават не пяцьдзясят. Мыць яго не варта. Узімку пакласці на снег адным бокам, другім – і ўсё “мыццё”. Дываны перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне, ад бабулі да ўнучкі, ад маці да дачкі. Такія рэчы ствараюцца з усведамленнем, што пражывуць яны стагоддзі.


Вясновы абрадавы карагод “Стрылка”
вёска Бездзеж, Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць

Штогод на першы дзень Вялікадня, у вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна, адбываецца своеасаблівы абрад, які існуе толькі ў гэтай мясцовасці. Гэта ўнікальная лакальная з’ява да якой старанна рыхтуюцца і якая з’яўляецца вельмі ўстойлівым элементам мясцовай культуры. Сутнасць вясновага абрадавага карагода “Стрылка” заключаецца ў дазволе да гулянняў пасля Вялікага паста, гэта сваеасаблівы зварот да вышэйшых сіл з надзеяй на новы багаты ўраджай, лепшую долю, шчасце і здароў’е для малых і дарослых, для ўсіх вяскоўцаў. Пасля Вялікоднай службы ў царкве (служба ў Бездзежы называецца “Нешпар”), усе збіраюцца на плошчы ля крыжа, дзе бацюшка акрапляе ўсіх прысутных вадой, і завадатар (самая старэйшая паважаная жанчына, маючая добрую сям’ю), ставіць маленькіх дзяўчынак “зярнятак” у выглядзе трохкутніка, а астатнія ўдзельнікі карагода злучаюць рукі і рухаюцца вакол іх па сонцу, агінаючы “зярнятак” у выглядзе падковы, спяваючы карагодную песню. Адметна, што ў абрадавым карагодзе “Стрылка” удзельнічаюць толькі дзяўчаты і жанчыны.

Абрадавы карагод “Стрылка” выконвае сімвалічна-знакавую функцыю, спрыяе захаванню сваёй культурнай адметнасці і выхаванню ў новых пакаленняў паважных адносін да звычаяў продкаў.


Абрад “Ваджэнне куста”
аграгарадок Лобча, Лунінецкі раён, Брэсцкая вобласць

“Ваджэнне куста” – гэта яркая рэгіянальная адметнасць траецкага свята на Брэстчыне. Дзяўчыну ці маладую жанчыну ўпрыгожвалі зялёнымі галінкамі і вадзілі па вёсцы абыходзячы ўсе двары, спявалі абрадавыя песні ў якіх славілі гаспадароў, іх дзяцей, жадалі ім здароўя і дабрабыту. “Куста” лічылася сімвалам ураджаю. З цягам часу абрад пад уплывам сацыяльна-эканамічных фактараў трансфарміраваўся і набыў шлюбную накіраванасць і стаў надзеяй і пажаданнем добрага шлюбу.

Абрад пачынаецца да абеду, калі яго ўдзельніцы (жанчыны і дзяўчаты) збіраюцца ў хаце ў адной з жанчын. З клёну робяць вянок і адзенне для Кусты. Гурт з Кустай абыходзіць вёску з святочнымі песнямі, просячы гаспадароў двароў адарыць Кусту. Гаспадары дараць хлеб, пірагі, мёд, мяса, сала, яйкі, напоі, даюць грошы, некаторыя накрываюць стол і частуюць усіх удзельніц абраду. Пасля таго, як абыход завершыцца, гурт накіроўваецца туды, дзе ўсе збіраліся перад абрадам і пакінулі прыгатаваныя дома стравы. Усе ўдзельніцы абраду імкнуцца сарваць па некалькі лісткоў з “Кусты”. Завяршаюцца абрадавыя дзеі агульным святочным застоллем.

Абрад яднае пакаленні: карэнныя жыхары звязваюць гэты абрад з памяццю продкаў – ад іх ён перададзены наступным пакаленням. Штогадовае бясперапыннае ўзнаўленне на Тройцу гэтай традыцыі фарміруе ў жыхароў аграгарадка ўсведамленне, што яны з’яўляюцца адной супольнасцю якая мае адметную традыцыйную культуру.


Абрад “Намскі Вялікдзень”
вёска Аброва, Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць

Абрад “Намскі Вялікдзень” з’яўляецца адметным праяўленнем лакальнай культурнай традыцыі в.Аброва Івацэвіцкага раёна і праводзіцца штогод у чацвер Вялікоднага тыдня.

Першы чацвер пасля Вялікадня – асаблівы дзень для Аброва, амаль ужо стагоддзе адзначаюць яшчэ адзін Вялікдзень – Намскі, што азначае “наш”, “нам дадзены”. Сёння для мясцовых жыхароў гэта радасная і ўзнёслая падзея. У дваццатыя гады мінулага стагоддзя, калі зарадзіўся гэты абрад, аброўцам было не да святаў. Пачалося ўсё з таго, што ў вёсцы сталі хварэць і паміраць дзеці. Ніхто не мог дапамагчы і не ведаў, што рабіць. І тады старыя людзі падказалі: жанчынам вёскі ноччу сабрацца ў адной хаце, напрасці нітак і саткаць з іх за адну ноч рушнік. А мужчынам у гэты час змайстраваць ківот для абраза Маці Божай, паставіць туды абраз, накрыць яго сатканым за ноч рушніком і абысці ўсю вёску па крузе, заходзячы ў кожны двор. Так і зрабілі. І здарыўся цуд: дзеці акрыялі, мор адышоў. А жыхары вёскі з таго моманту далі сабе зарок: вось так абыходзіць вёску штогод у чацвер пасля Вялікадня, і тады ліхалецце і няшчасці будуць мінаць Аброва. Таму Намскі Вялікдзень – з так званых “заветных свят”, ці аброчных дзён, якія былі ўстаноўлены па абяцанні як падзяка або аброк Богу за дапамогу жыхарам вёскі пры ўзнікненні эпідэмій, мору і іншых няшчасцяў.

Слова сваё аброўцы стрымалі: абрад здзяйснялі з года ў год. І, лічаць старажылы, Бог бараніў мясцовых. Абраз Маці Божай, Захавальніцы Аброўскай, шануецца тут асабліва. Мясцовыя жыхары ўпэўнены: дзякуючы яму ўдалося сто гадоў таму выратаваць дзяцей вёскі ад невядомай хваробы, і, менавіта, Маці Божая бараніла вёску і яе жыхароў у часы вайны. Працэсія, між тым, рухаецца далей: двор за дваром. Кожны год абраз Маці Божай – Храніцелькі Аброўскай, у спецыяльнай хатцы (ківоце) выносіцца з Міхайлаўскай царквы і разам з харугвамі і крыжам “абыходзіць” у святочнай працэсіі двары вёскі. Сёння для аброўцаў Намскі Вялікдзень не проста нейкае дзеянне – гэта жывая і актуальная традыцыя, якая спалучае народныя абрады з хрысціянскай духоўнасцю.


Творчасць Мікалая Тарасюка, увасобленая ў творах народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (інсітная драўляная скульптура) вёска Стойлы, Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць

МІКАЛАЙ ВАСІЛЬЕВІЧ ТАРАСЮК – самабытны майстар разьбы па дрэве. Нарадзіўся ў 1932 годзе ў в.Стойлы Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці У 2002 годзе “за стварэнне ўнікальных драўляных расфарбаваных кампазіцый, асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё народных традыцый драўлянай скульптуры” ён узнагарожданы спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “народная творчасць”.

У 1999 г. М.В. Тарасюк уласнымі сіламі пабудаваў на сваёй сядзібе ў в.Стойлы музей, які назваў “Успаміны Бацькаўшчыны”. У музеі сабрана каля 100 работ майстра – скульптурныя кампазіцыі на тэмы сялянскага жыцця (выкананы ў тэхніцы разьбы па дрэве, расфарбованы і ўмацаваны на падстаўкаў, плеценых з лазы).

Творы М.В. Тарасюка – сапраўдная сялянская энцыклапедыя, у яго скульптурах адлюстраваны ўсе важныя этапы чалавечага жыцця: ад нараджэння да смерці.

Творчасць гэтага сялянскага майстра – унікальная мастацкая з’ява. Яго творы маюць непаўторную выяўленчую самабытнасць і адметныя тым, што яны моцна звязаны з каранёвай народнай традыцыяй. Яны вартыя экспанавацца ў лепшых музеях свету, а імя майстра можа быць унесена ў сусветную энцыклапедыю інсітнага (наіўнага) мастацтва.

Творы М.В. Тарасюка захоўваюцца і экспануюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, музеі “Пружанскі Палацык”, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”.

У 2008г. упершыню на Беларусі пры паддтрымцы Фонда Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва і Брэсцкага аблвыканкама быў выдадзены альбом-манаграфія пра народнага майстра “Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка”.

Да 80-годдзя па ініцыятыве ДзУК “Брэсцкі АГКЦ” была праведзена персанальная выстава твораў Мікалая Тарасюка “Страчаны рай” у музеі сучаснага мастацтва ў г.Мінску і персанальная выстава “Драўляны народ” у музеі “Пружанскі палацык”. У 2009 годзе па ініцыятыве ДзУК “Брэсцкі АГКЦ” была праведзена выстаўка “Драўляны люд” у Музеі Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах (г.Бельск-Падляшскі, РП). За апошнія гады пра творчасць і асобу вядомага творцы былі зняты фільмы “Гаспадар” (польскімі кінадакументалістамі) і “Драўляны народ” (студыяй “Беларусьфільм”).

У 2014 годзе аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама быў рэалізаваны праект “Вясковы рэнесанс” (аўтар і каардынатар праекта – загадчыца аддзела традыцыйнай культуры ДзУК “Брэсцкі АГКЦ” Быцко Л.М.). Праект фінансаваўся нямецкім прадстаўніцтвам народных універсітэтаў. Мэтамі праекта былі: апрацоўка твораў Мікалая Тарасюка ад шашаля, выраб і ўстаноўка паклоннага драўлянага крыжа з прозвішчамі жыхароў вёскі, распрацоўка і ўстаноўка гісторыка-этнаграфічнай карты вёскі Стойлы, правядзенне свята вёскі “Я родам са Стойлаў”.

14.01.2015 года Мікалая Тарасюка не стала, але ягоная філасофія і ягоная творчасць жыве ў яго работах.


Традыцыі ганчарнай вытворчасці з аўтэнтычнымі элементамі вёска Гарадная, Столінскі раён, Брэсцкая вобласць

Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці славутая сваім ганчарным промыслам, які бярэ пачатак у XV стагоддзі. Першае літаратурная згадка пра Гарадную адносіцца да 1448 года. У мінулым Гарадная мела статус мястэчка і валодала Магдэбурскім правам і ўласным гербам. Сёння вёска Гарадная – цэнтр сельскага савету.

Да нашага часу ганчарны промысел ў Гарадной існуе ў сваім аўтэнтычным стане. Тут захавалася традыцыйная тэхналогія апрацоўкі гліны, вырабу посуду на нажных ганчарных колах і яго апалу, існуе мясцовая метралогія – сістэма назваў ганчарных форм. Традыцыйны гараднянскі посуд мае буйныя, шарападобныя формы, дасканалыя прапорцыя. Найбольш характэрны белагліняны посуд з выразным дэкорам – роспісам чырвонай глінай (ангобам).

У пасляваенны час ганчарная вытворчасць у Гарадной пачала імкліва скарачацца. Гэта было выклікана забаронай ў СССР на індывідуальнае прадпрымальніцтва, высокімі  падаткамі, дэмаграфічнымі зрухамі і адтокам маладога пакалення з вёскі ў горад. Не далі плёну спробы Пінскай фабрыкі мастацкіх вырабаў супрацоўніцтва з гараднянскімі ганчарамі ў 1970-я гады.

Разам з тым у перыяд 1970 – 1990-х гадоў рамяство гараднянскіх ганчароў было асэнсоўвана ў якасці набытку нацыянальнай культуры і мастацтва. Вырабы ганчароў Аляксандра Вячоркі, Фёдара Шелеста, Івана Яроміча, Аўрама Басаўца, Андрэя Кісяля, Івана Гембіцкага дэманстраваліся на шматлікіх выстаўках у Беларусі, Маскве і ў замежжы. У 1992 годзе Рэспублікай Беларусь была выпушчана паштовая марка з выявай гараднянскага посуду. На Першым рэспубліканскім свяце-конкурсе “Гліняны звон” у 1996 годзе майстрам года быў абраны гараднянскі ганчар Мацвей Пячонка. У 2004 годзе патомны ганчар Аўрам Басавец атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

У 1997 г. Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр падрыхтаваў відэафільм аб ганчарстве Гарадной “Кола жыцця”.

У 2003 годзе па рашэнні Столінскага райвыканкама ў Гарадной быў створаны Цэнтр ганчарства. Ён размешчаны ў памяшканні Гараднянскага сельскага Дома культуры. Тут рамяству навучаюцца мясцовыя школьнікі, якім ганчарную справу выкладаюць патомныя ганчары.

У 2008 годзе на базе УК “Столінскі раённы краязнаўчы музей” быў адчынены ў в.Гарадная яго філіял-сядзіба ганчара.

Па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам ДзУК “Брэсцкі АГКЦ” з 2008 года (з перыядычнасцю раз у два гады) праводзяцца Міжнародныя пленэры ганчароў з удзелам майстроў з далёкага і бліжняга замежжа (Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Грузіі, Арменіі, Малдовы, Швецыі, Даніі, Расіі і інш.). За час правядзення пленэраў была створана музейная экспазіцыя, якая налічвае звыш 200 экспанатаў. Таму для размяшчэння вышэйназванай калекцыі ў 2013 годзе ў Цэнтры ганчарства была створана выставачная зала.

Герб Брестской области