Версия для слабовидящих
Печать

Зямля як каштоўны сведка. З мітынгу ў Падлессі ў Ляхавіцкім раёне стартаваў маштабны міжнародны патрыятычны праект «На славу агульнай Перамогі»

Размещено: .

Да брацкай магілы ў аграгарадку Падлессе сцежка не зарастае: нясуць вахту школьнікі, праходзяць мітынгі, а 9 мая мясцовыя жыхары ідуць сюды з кветкамі. Тут пахаваны 139 байцоў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Імёны не ўсіх устаноўлены, але памяць пра іх ушаноўваецца. Брацкая магіла ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

10 верасня сюды прыйшлі піянеры і бээрэсэмаўцы, педагогі Падлескай і Жарабковіцкай школ, прадстаў-нікі сельвыканкама і грамадскіх арганізацый, мясцовага сельгаспрадпрыемства, маладзёжнага парламента, землякі, каб чарговы раз аддаць даніну павагі мужнасці герояў, якія змагаліся за вызваленне Радзімы. Жменя за жменяй палатняны мяшочак напаўняецца зямлёй з месца воінскага пахавання.

З мітынгу ў Падлессі ў Ляхавіцкім раёне стартаваў маштабны міжнародны патрыятычны праект «На славу агульнай Перамогі», прымеркаваны да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Час няўмольны, і з кожным годам сведкаў тых бязлітасных падзей усё менш. «Зямля з месцаў воінскай славы і гібелі мірнага насельніцтва, зямля з радзімы – святыня. Пакуль час не сцёр падзеі і даты, гэтую зямлю збіраюць у адной прасторы крыпты храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, у Мінску для вечнай малітоўнай памяці. Такім чынам будуць уз’яднаныя ў народнай памяці ўсе, хто змагаўся плячом да пляча, здабываючы агульную для ўсіх Перамогу ў розных кропках баявых дзеянняў Вялікай Айчыннай вайны», гаворыцца ў канцэпцыі акцыі памяці.

– У нашым раёне сімвалічныя жменькі зямлі з 39 воінскіх пахаванняў Жарабковіцкага, Конькаўскага, Начаўскага, Востраўскага, Альхоўскага, Крывошынскага, Навасёлкаўскага і Ганчароўскага сельсаветаў і райцэнтра збіраюцца ў мяшочкі і перадаюцца ў ваенны камісарыят. Да кожнага з іх прыкладзены спіс імёнаў загінулых, а таксама інфармацыя пра мясцовасць і людзей, якія ўнеслі ўклад у разгром фашызму, – адзначыла метадыст па гісторыка-культурнай спадчыне Таццяна Седас.

– Памяць павінна жыць, і ў нашых сілах не дапусціць паўтарэння жахаў вайны. Мы, нашчадкі салдат Перамогі, павінны ведаць ваенную гісторыю свайго краю і падтрымліваць парадак на брацкіх магілах. Запомніце ўрачыстасць сённяшняга моманту і раскажыце пра гэта родным, а калісьці – сваім дзецям, – звярнулася да ўдзельнікаў мітынгу старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая. Рабяты ўсклалі кветкі да помніка. На тэрыторыі сельсавета зямля ўзята з шасці воінскіх пахаванняў і брацкіх магіл.

Як напамін пра ахвяры вайны, як удзячнасць нашчадкаў тым, хто назаўсёды застаўся ў страі, устаноўлены помнікі і абеліскі. Кожнае з гэтых месцаў захоўвае сваю гісторыю. На могілках у Жарабковічах на гранітнай пліце выбіты словы «Вечная слава Патрыётам» і прозвішчы чатырнаццаці расстраляных аднавяскоўцаў. Сумную старонку ў Жарабковічах ведаюць добра, пра гэта пісала і раёнка.

…Атрад карнікаў у поўным узбраенні, з кулямётамі і аўтаматамі, акружыў вёску. Мужчын і жанчын, старых і малых сагналі ў будынак былога сельсавета. Бездапаможнасць, боль, страх – усё было ў вачах і душах жарабкоўцаў. Перакладчык загадаў выйсці наперад актывістам. Вечарам 10 ліпеня 1941 года 12 чалавек (самай малодшай была 19-гадовая загадчыца мясцовага клу­ба камсамолка Кацярына Новік) пагрузілі ў машыну і павезлі ў невядомым накірунку. Вяскоўцы ў гэту ноч не спалі. Праз два дні, на Пятра і Паўла, у Падлескай царкве прыхаджане ціхенька шапталі адзін аднаму, што на Кучуравым полі (недалёка ад вёскі Падлессе) ёсць свежае ўскапанае месца, якое нагадвае магілу. А некаторыя гаварылі і пра стрэлы, якія былі чуваць ноччу… 

Фашы­сты забаранілі хаваць забітых па хрысціянскім звычаі ды яшчэ жорстка нагадалі: хто аслухаецца загаду, таксама будзе расстраляны. Але, нягледзячы на страх, жанчыны і дзеці пайшлі на месца забойства, паціху раскопвалі зямлю. Калі чулі, што набліжаецца машына, хаваліся… Забітых паклалі на вазы і прывезлі на могілкі ў Жарабковічы, там і пахавалі, накрываючы галлём дрэў. Праз два тыдні здраднікі на­звалі карнікам імёны яшчэ двух актывістаў, якіх таксама чакала тая ж доля: яны былі расстра­ляны фашыстамі…». 

«Іх расстралялі на світанку»(«Ляхавіцкі веснік», 22 чэрвеня 2005 года).

Летам 1944 года пасля вызвалення вёскі Чырвонай Арміяй астанкі 14 патрыётаў былі перапахаваны ў брацкай магіле, над якой у 1957 годзе ўстаноўлены помнік.

Сімвалічна, што акцыя «На славу агульнай Перамогі» фінішуе ў нашым раёне ў дзень піянерыі. Памяць павінна мець працяг.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея  ВАРАНОВІЧА

                 

На маршруте акции «Во славу общей Победы» — Коньковский сельсовет

Фото из архива Коньковского сельисполкома Фото из архива Коньковского сельисполкома                       

Забор земли с  воинских захоронений в Островском сельсовете

Фото из архива Островского сельисполкома Фото из архива Островского сельисполкома                          

Акция «Во славу общей Победы» на территории Начевского сельсовета

Фото из архива Начевского сельисполкома Фото из архива Начевского сельисполкома          

Крыніца: раённая газета «Ляхавіцкі веснік»

Герб Брестской области