БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Карта сайта
Прамыя тэлефонныя лiнii
Прамыя тэлефонныя лiнii
Электронныя звароты
Электронныя звароты
Адно акно
Адно акно
Чарга на жыллё
Чарга на жыллё
Пытанні і адказы
Пытанні і адказы

XVI стагоддзе

05.09.2022 15:09

Насельніцтва - 6-7 тысяч чалавек
Рамеснікі - 1/4 усіх жыхароў
Рамесных спецыяльнасцей - 56
Домаўладальнікаў - 1091
Сядзіб - 1166
Вуліц - 26

Цяжка пачынаўся для Бярэсця 1500 год. 15-тысячнае войска крымскіх татар хана Менглі Гірэя разрабавала і разбурыла горад. Не пакарыўшы замак, але атрымаўшы ад гараджан вялікі водкуп, татары адступілі.

Бярэсце зноў хутка аднаўляецца. Берасцейцы вызваляюцца ад падаткаў пры гандлі півам, мёдам і воскам. На карысць горада ідуць зборы з прывазнога збожжа, частка даходаў кожнай крамы і карчмы, гарадская ратуша ўтрымліваецца на сродкі лазні і васкабойні.

Мацнеюць гандлёвыя сувязі гарадскога купецтва з беларускімі гарадамі - Слуцкам, Менскам, Магілёвам, а таксама з украінскімі, польскімі і літоўскімі. Праз Бярэсце з захаду вязуць паперу, волава, вырабы з жалеза, соль, вострыя прыправы, з усходу - неапрацаванае футра, скуры, воск, каваныя паясы і інш. Тройчы ў год праводзяцца двухтыднёвыя міжнародныя кірмашы.

Горад багацее. Берасцейская мытня па даходах для дзяржаўнай казны становіцца другой у Вялікім Княстве Літоўскім. На вачах вырастаюць 2-3-павярховыя драўляныя дамы. На адной з замкавых вежаў устанаўліваецца гадзіннік з боем, на другой - звон.

На сеймах, якія праходзілі ў Бярэсці, неаднаразова абмяркоўваюцца пытанні абароны горада. Сейм 1513 г. зацвердзіў Ваенны статут Вялікага Княства Літоўскага, згодна з якім у выпадку вайны Бярэсце абавязана было выставіць 150 конных воінаў і ўнесці ў дзяржаўную казну грашовы збор у памеры 3000 грошаў.

З 1520 г. Бярэсце становіцца цэнтрам павета Падляшскага ваяводства. Моцны пажар 1525 г. знішчае замак і адміністрацыйны цэнтр горада. Пасля гэтага драўляныя дамы ў горадзе будуюцца не вышэй за два паверхі, а пацярпелыя ад стыхіі гараджане на 10 гадоў вызваляюцца ад усіх падаткаў і павіннасцей.

У XVI ст. у Вялікім Княстве Літоўскім шырокае распаўсюджванне атрымлівае рэфармацыйны рух, кальвінізм, накіраваныя на абнаўленне каталіцызму. У 1550 г. берасцейскім старастам назначаецца кіраўнік кальвіністаў Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Радзівіл Чорны, па ініцыятыве і на сродкі якога ў 1553 г. у Бярэсці пабудаваны першыя на беларускіх землях кальвінскі збор і друкарня.

Берасцейская друкарня (1553-1570)


Больш за 40 рэлігійных, гістарычных, прававых і палемічных кніг на польскай і лацінскай мовах выдадзена ў друкарні. Берасцейскія кнігі вызначаліся вытанчанасцю і якасцю афармлення: у іх шырока выкарыстоўваліся рэнесансная графіка, наборны арнамент, застаўкі, канцоўкі, фігурная ксілаграфія, гатычны шрыфт.

Асаблівае месца ў гісторыі берасцейскага кнігадрукавання займае песенная творчасць. У 1558 г. убачыў свет зборнік песень Яна Зарэмбы, потым - зборнікі-канцыяналы народных мелодый. Непасрэдны ўдзел у іх выданні прымаў вядомы асветнік, перакладчык, паэт і музыкант Цыпрыян Базылік - адзін з паслядоўнікаў Францыска Скарыны. Менавіта пад яго кіраўніцтвам друкарня дасягнула найвышэйшага росквіту.

У 1563 г. для распаўсюджвання ідэй Рэфармацыі па ініцыятыве і на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага ў берасцейскай друкарні была надрукавана сусветна вядомая Брэсцкая (Радзівілаўская) Біблія, якая ўяўляла сабой поўны тэкст Свяшчэннага пісання на польскай літаратурнай мове XVI ст. Гэта Біблія стала адным з самых поўных і дасканалых выданняў свайго часу на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У ёй 738 старонак, 14 гравюр-ілюстрацый. З вялікім майстэрствам выкананы застаўкі, віньеткі, вялікія літары-ініцыялы. На палях старонак размяшчаюцца каментарыі да тэксту. Гравюры "Патоп", "Калены Ізраілевы", "Фантан" прызнаны шэдэўрамі беларускай графікі.

Першая старонка Бібліі адведзена гербу Радзівілаў. Далей ідуць прысвячэнні каралю і Вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту, прадмова, тэксты Старога і Новага Запаветаў, каляндар чытанняў. Упершыню ў гісторыі кнігадрукавання ў Беларусі ў Брэсцкай Бібліі размешчаны прадметны паказальнік.

Экзэмпляры або фрагменты гэтага рэдкага выдання, якія дайшлі да нашага часу, складаюць прадмет гордасці бібліятэк і архіваў Мінска, Вільнюса, Кракава, Масквы, Санкт-Пецярбурга...

Пазней у Берасцейскай друкарні выйшлі "Псалтыр", антыкаталіцкая праграма "Пратэй". Ананімная "Размова паляка з ліцвінам" уздымала важныя дзяржаўныя і грамадска-палітычныя праблемы Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага напярэдадні падпісання Люблінскай уніі.

У 1570 г. друкарня ў Бярэсці спыніла сваё існаванне. Берасцейскія выданні - вялікая рэдкасць. Але і нешматлікія экзэмпляры, якія захаваліся да нашых дзён, даюць магчымасць зрабіць выснову аб вялікім значэнні берасцейскай друкарні ў гісторыі кнігадрукавання на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

У 1566 г. было ўтворана Берасцейскае ваяводства, у якое ўвайшоў і Берасцейскі павет.

Горад паступова пашырае свае межы. У 1566 г. ён складаўся з трох асноўных частак: замка (на месцы дзяцінца старажытнага Бярэсця), "места" - асноўнай гарадской тэрыторыі (на востраве, створаным Заходнім Бугам і рукавамі Мухаўца) і "Замухавечча" (на правым беразе Мухаўца). Магістрат, суд, рыначная плошча, цэрквы і манастыры, дамы заможных гараджан размяшчаліся ў замкавай частцы горада. "Места" і замак былі злучаны мостам. На світанні кожнага дня на замкавай вежы граў песню трубач.

Да таго часу ў Бярэсці пражывалі муляры, друкары, лекары, залатых спраў майстры, збройнікі, бляхары, шкловыдзімальшчыкі, ігольшчыкі, шапачнікі, дойліды, жывапісцы і нават скамарохі.

Пасля смерці Радзівіла Чорнага берасцейскім старастам быў назначаны Яўстафій Валовіч - важны дзяржаўны і грамадскі дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, гуманіст, мецэнат-асветнік, адзін з аўтараў другога выдання Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г. - збору асноўных законаў.

Люблінская унія 1569 г. аб'яднала Вялікае Княства Літоўскае і Польшчу ў федэратыўную дзяржаву - Рэч Паспалітую. У гэты перыяд у дакументах Бярэсце разам са старой назвай часта ўпамінаецца па-новаму - як Брэст Літоўскі. Канцлер Вялікага Княства Літоўскага, вядомы палітычны дзеяч свайго часу Леў Сапега, распрацаваў у 1588 г. на беларускай мове трэцяе выданне Статута, у якім быў замацаваны аўтаномны палітыка-прававы статус Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай.

Люблінская унія садзейнічала актывізацыі каталіцызму. Дзякуючы падтрымцы кіраўнікоў царквы, дзяржавы, горада, у Бярэсці атрымалі шырокае распаўсюджванне каталіцкія манаскія ордэны аўгусцінцаў, базыльян, брыгітак, дамініканцаў, езуітаў, трынітарыяў і інш. Усе яны надзяляліся шырокімі зямельнымі ўчасткамі, будавалі касцёлы і манастыры, адкрывалі пры іх школы.

Распаўсюджванне каталіцызму выклікала незадаволенасць мясцовага насельніцтва. З мэтай захавання беларускай культуры і мовы пры праваслаўных цэрквах і манастырах сталі ўтварацца брацтвы - рэлігійна-добраахвотныя і культурныя аб'яднанні, якія вялі актыўную культурна-асветную дзейнасць.

У 1591 г. пры Мікалаеўскай царкве было заснавана праваслаўнае брацтва, у якое ўвайшлі гараджане рознага сацыяльнага паходжання. Пры царкве пачала дзейнічаць брацкая школа, у якую з Львова ў 1592 г. прыязджае працаваць настаўнікам вядомы педагог Лаўрэнцій Зізаній Тустаноўскі, які ў Бярэсці падрыхтаваў да друку першы ў Беларусі і на Украіне буквар - "Азбуку". Яна складаецца з алфавіта, двухлітарных і трохлітарных складоў, малітваў для чытання, тлумачэння малітваў, тлумачальнага слоўніка - "Лексіса".

Навучанне ў брацкіх школах мела дэмакратычны характар. У іх вучыліся хлопчыкі ўсіх саслоўяў. У брацкай школе выкладалі багаслоўе, граматыку, арыфметыку, геаметрыю, дыялектыку, рыторыку, астраномію і музыку, славянскую, беларускую, грэчаскую, лацінскую і польскую мовы. Вялікая ўвага ў школе ўдзялялася маральнаму выхаванню. У адрозненне ад большасці навучальных устаноў Еўропы ў брэсцкай брацкай школе практычна не выкарыстоўвалася пакаранне розгамі.

У 1596 г. на царкоўным саборы ў Мікалаеўскай царкве абвяшчаецца Брэсцкая унія, якая аб'яднала на тэрыторыі Рэчы Паспалітай праваслаўную і каталіцкую цэрквы.

 
Усе навіны

Карысныя спасылкі