БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ

БРЭСЦКІ АБЛАСНЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ
Карта сайта
Прамыя тэлефонныя лiнii
Прамыя тэлефонныя лiнii
Электронныя звароты
Электронныя звароты
Адно акно
Адно акно
Чарга на жыллё
Чарга на жыллё
Пытанні і адказы
Пытанні і адказы

Інфармацыя аб дзяржаўных музеях Брэсцкай вобласці

Па стане на 1 студзеня 2016 года ў Брэсцкай вобласці налічваецца 19 дзяржаўных музеяў. З іх комплексных - 11, гістарычных – 6, мастацтвазнаўчых – 2.

За апошнія 5 гадоў музейную сетку вобласці папоўнілі такія музеі, як музей «Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў», гісторыка-мемарыяльны музей «Сядзіба Нямцэвічаў», філіял археалогіі «Нашы карані» Мотальскага музея народнай творчасці, філіял «Карцінная галерэя А. Кузьміча» раённага музейнага комплексу Н. Орды ў в. Варацэвічы, філіялы Столінскага раённага краязнаўчага музея (Рэчыцкі музей народнай славы, Давыд-Гарадоцкі музей гісторыі горада, Гараднянскі музей-сядзіба ганчара).

Музейны фонд Брэсцкай вобласці складае 405 484 музейныя прадметы. Інфармацыю аб асабліва каштоўных музейных прадметах, якія захоўваюцца ў фондах музеяў, можна знайсці ў Дзяржаўным каталогу Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь на сайце www.dkmf.by.

За год музеі вобласці наведвае ў сярэднім 400 тысяч чалавек. Для іх штогод праводзіцца больш за 3500 экскурсій, арганізуецца больш за 400 мерапрыемстваў.

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей запрашае наведаць пастаянную экспазіцыю «Гісторыя Брэстчыны ад першабытнаабшчыннага ладу да пачатку ХХІ стагоддзя». Яна размешчана ў дзевяці залах. Тут прадстаўлена больш за 2500 экспанатаў, многія з якіх з'яўляюцца ўнікальнымі і экспануюцца ўпершыню. У экспазіцыі выкарыстаны сучасныя тэхнічныя сродкі, агучаныя дыярамы, дзеючыя рэканструкцыі, створаны інтэрактыўныя зоны. Кожны наведвальнік зможа адкрыць для сябе цікавыя і пазнавальныя моманты. У музеі таксама працуе пастаянная экспазіцыя «Родная прырода». Прыродныя багацці нашай вобласці прадстаўлены натуральнымі экспанатамі, дыярамамі, фатаграфіямі. Па экспазіцыях праводзяцца розныя тэматычныя, аглядныя, сямейныя экскурсіі. У 2014 г. экспазіцыя музея атрымала дыплом I ступені на рэспубліканскім форуме «Музеі Беларусі».

Музейны збор налічвае больш за 20 калекцый, частка якіх з'яўляецца ўнікальнай. Гэта археалагічная, нумізматычная, этнаграфічная калекцыі, а таксама калекцыя прадметаў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія паступілі з Брэсцкай мытні і сталі асновай экспазіцыі аднаго з філіялаў.

Музей мае 4 філіялы:

Філіял "Выратаваныя мастацкія каштоўнасці" размяшчаецца ў маляўнічым будынку сядзібнага тыпу, які быў пабудаваны ў 1925 – 1927 гг. па праекце польскага архітэктара Ю. Лісецкага і цяпер з'яўляецца помнікам архітэктуры. Гэта адзіны ў Беларусі музей, экспазіцыя якога складаецца з твораў мастацтва і прадметаў антыкварыяту, канфіскаваных мытнікамі пры спробе іх незаконнага вывазу за мяжу. У дзесяці залах пастаяннай экспазіцыі прадстаўлена звыш 300 экспанатаў. Самая вялікая і каштоўная частка збору музея – рускі іканапіс XVI – пачатку XX стагоддзя. Найбольш старадаўнія абразы ў экспазіцыі датуюцца XVI стагоддзем. У іх ліку - «Спас у сілах», «Багародзіца Уладзімірская», «Благавешчанне». Ювелірнае мастацтва прадстаўлена вырабамі сусветна вядомай фірмы Фабержэ, іншых ювелірных фірм Расіі, сярэбранымі каўказскімі паясамі і кінжаламі.

Філіял «Археалагічны музей «Бярэсце» размешчаны на Шпітальным востраве (Валынскім умацаванні) Брэсцкай крэпасці на месцы дзяцінца старажытнага горада Бярэсце. З 1969 па 1981 гг. і ў 1988 г. пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук прафесара Лысенкі Пятра Фёдаравіча праводзіліся раскопкі, у выніку якіх былі выяўлены больш за 220 драўляных пабудоў XI – XIII стст., тры вулічныя маставыя, частаколы, шматлікія прадметы матэрыяльнай культуры таго часу. У экспазіцыі музея прадстаўлена каля 1000 прадметаў, якія раскрываюць наступныя тэмы: узнікненне і гісторыя старажытнага горада Бярэсце, планіроўка і забудова горада, жалезаапрацоўчае рамяство, апрацоўка каляровых металаў, кастарэзнае, гарбарнае рамёствы, прадзенне і ткацтва, ганчарства і дрэваапрацоўка, рэканструкцыя жылля берасцяніна (XIII ст.), земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства, гандаль, культура, а таксама гісторыя даследавання Бярэсця.

Музей гісторыі горада Брэста размяшчаецца ў невялікім асабняку 1922 года, пабудаваным па праекце архітэктара Юльяна Лісецкага. Спачатку музей быў філіялам Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, аднак з 2007 года музей стаў структурным падраздзяленнем аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама.

У экспазіцыі музея гісторыі горада Брэста прадстаўлена звыш 800 экспанатаў, якія расказваюць аб гісторыі горада, пачынаючы ад яго заснавання ў 1019 годзе і да нашых дзён. Экспазіцыя музея размяшчаецца ў чатырох залах на двух паверхах: кожная зала - асобны этап у гісторыі Брэста. 1-я зала - гісторыя старажытнага і сярэдневяковага старажытнага Бярэсця, 2-я зала - гісторыя рускага Брэст-Літоўска (непадзельна звязаная з гісторыяй будаўніцтва Брэсцкай крэпасці), 3-я зала - гісторыя польскага Брэста-над-Бугам (1919-1939 гады), 4-я зала - гісторыя савецкага Брэста (1939-1991 гады).

Адным з цэнтральных і аб'яднальных элементаў экспазіцыі музея з'яўляецца карта Брэста, якая адлюстроўвае яго развіццё ў часе. Нязменную цікавасць выклікаюць таксама макеты архітэктурнага комплексу будынкаў бернардзінскага кляштара, які размяшчаўся некалі на месцы Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці, і кафлі 16 ст., знойдзеныя на тэрыторыі Брэсцкага замка пры археалагічных раскопках. Аматары вінтажу ацэняць экспанаты, якія адлюстроўваюць гарадскую культуру Брэста 19 стагоддзя: асабістыя рэчы гараджан, мэблю, кнігі, альбомы і нават паштоўкі з надпісам "Прывітанне з Брэста".

УК «Баранавіцкі краязнаўчы музей» заснаваны ў кастрычніку 1929 г. у Баранавічах як павятовы музей. Адначасова для наведвання была адкрыта і першая музейная экспазіцыя. У музеі дзейнічалі тры аддзелы: прыроды, гісторыі і этнаграфіі. У гады фашысцкай акупацыі музейныя фонды былі разрабаваны. Першыя пасляваенныя гады - перыяд адраджэння Баранавіцкага музея. Цяпер Баранавіцкі краязнаўчы музей знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, у будынку пач. XX ст. Галоўная задача музея - захаванне, вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны краю, выхаванне ў суайчыннікаў пачуцця патрыятызму, гордасці і паважлівага стаўлення да гісторыі сваёй малой радзімы і краіны ў цэлым. Фонды музея налічваюць 59 402 адзінкі захоўвання, з іх асноўны фонд - 40 930 адзінак. Сярод 35 музейных калекцый найбольш цікавымі з'яўляюцца: калекцыя паштовак з краявідамі г. Баранавічы (пачатку XX ст. і 1920 - 1930-х гг.); рушнікоў (канца XIX - першай паловы XX ст. Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў); нумізматыкі (манеты XVI - XX стст., у т. л. 4 скарбы); падпольных выданняў перыяду фашысцкай акупацыі.

Музей - адзін з культурна-адукацыйных цэнтраў горада, які прапануе тэматычныя, пешаходныя экскурсіі для розных катэгорый наведвальнікаў, музейна-педагагічныя заняткі, праграму «выязны музей». Экспазіцыя Баранавіцкага краязнаўчага музея размешчана ў 7 залах і мае 3 раздзелы: «Прырода Баранавіцкага краю», «Гісторыя Баранавіцкага краю», экспазіцыйны раздзел «Баранавічы. Горад, у якім мы жывём».

Філіял «Камянецкая вежа» - унікальны помнік старажытнарускага абарончага дойлідства другой паловы XIII стагоддзя. Пабудавана паміж 1276-1288 гг. на беразе ракі Лясной па загадзе Валынскага князя Уладзіміра Васількавіча. У плане вежа круглая. Унутры вежа падзелена на 5 ярусаў (паверхаў). Над верхнім ярусам размешчаны купал. З 5 яруса на верхнюю пляцоўку вядзе каменная лесвіца-ход, якая праходзіць у тоўшчы сцяны. 4 верасня 2005 года адкрыта новая экспазіцыя, якая займае плошчу 313,2 м2 і размяшчаецца на пяці ярусах вежы ў пяці экспазіцыйных залах.

Філіял «Мастацкі музей» размешчаны ў Паўднёвай казарме Брэсцкай крэпасці. У аснову філіяла пакладзена калекцыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Экспазіцыя храналагічна ахоплівае ўвесь перыяд існавання Брэсцкай абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі і дае магчымасць прадставіць шлях развіцця выяўленчага мастацтва Брэстчыны другой паловы ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя. Асобнай экспазіцыяй прадстаўлена дэкаратыўна-прыкладное мастацтва прафесійных майстроў, а таксама народная мастацкая творчасць: ткацтва і вышыўка, ганчарства, салома- і лозапляценне, роспіс па дрэве і шкле, мастацкая апрацоўка дрэва, творы самадзейных мастакоў.

Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей уяўляе новую экспазіцыю па раздзелах: гісторыя Бярозаўскіх зямель ад першабытнаабшчыннага ладу да пачатку XVII ст.; жыццё мястэчка Бяроза-Картузская ў XVII - сярэдзіне XX стст.; падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Бярозаўскага раёна; народныя рамёствы і промыслы Бярозаўшчыны; Бярозаўскі раён на сучасным этапе. Найбольш значны праект музея - гэта “Літары на бярозавай кары”, у якім адноўлена адна са старонак у гісторыі партызанскага руху на Бярозаўшчыне - вучоба дзяцей у лясных партызанскіх школах.

Асноўнымі відамі дзейнасці музея з'яўляюцца аглядныя і тэматычныя экскурсіі, музейна-педагагічныя заняткі, адукацыйныя праграмы, персанальныя выставы мастакоў, выставы дзіцячай творчасці, распрацоўка турыстычных маршрутаў па памятных мясцінах Бярозаўшчыны і г.д. Музей мае ў сваёй структуры філіял - “Галерэю мастацтваў”.

У Музеі Беларускага Палесся працуюць часовыя экспазіцыі: “Гісторыя Піншчыны”, “Прырода Палесся”, “Піншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Рускае мастацтва XIX - XX стст.”, “Партрэтны жывапіс XVIII - XIX стст.”, “Беларускі жывапіс 1950 - 1980-х гг.”, “Промыслы і рамёствы Палесся”, “Гарадскі побыт пачатку XX ст.”, галерэя партызанскай славы.

Столінскі раённы краязнаўчы музей працуе ў адным з маляўнічых куткоў ландшафтна-пейзажнага парку «Манькавічы», які з'яўляецца спадчынай даўняга магнацкага роду Радзівілаў (закладзены ў 1885 г.) і належыць да ліку помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння. Экспазіцыя музея разгорнута ў 6 залах: прыроды, археалогіі, гісторыі (3 залы) і этнаграфіі.

Музей мае філіял «Сядзіба ганчара ў в. Гарадная», дзе майстар-ганчар дэманструе наведвальнікам работу на ганчарным крузе і печ для абпальвання гліняных вырабаў.

Ганцавіцкі раённы краязнаўчы музей займае драўляны асабняк па вуліцы Заслонава. У музеі адна выставачная і чатыры экспазіцыйныя залы, якія дэманструюць багаты збор прадметаў, што мае вялікае культурнае і гістарычнае значэнне для гэтага Палескага краю. Храналагічныя рамкі музейных прадметаў ад ІІІ тысячагоддзя да н.э. (каменны век) да сённяшніх дзён.

Сярод найбольш цікавых экспанатаў насценны гадзіннік, падораны асабіста імпаратарам Аляксандрам ІІІ К.А. Крупенічу, былому майстру чыгуначнай станцыі Малькавічы, шкляныя шары - прадукцыя шклозавода Краеўскага і Столе, праваслаўныя абразы XVII—XX стст.

У 1911-1912 гадах у Лунінцы жыў і працаваў пісьменнік, у далейшым народны паэт Беларусі - Якуб Колас. Аб гэтым нам нагадвае шэраг прадметаў, размешчаных у экспазіцыі Лунінецкага раённага краязнаўчага музея, а таксама мемарыяльная дошка, устаноўленая на будынку музея. Акрамя гэтай дошкі на музеі ёсць і іншая мемарыяльная дошка, якая апавядае аб тым, што ў 1916-1917 гадах Лунінеччыну неаднаразова наведваў выдатны рускі паэт Аляксандр Блок. Аб гэтым жа вядзецца расказ і ў сценах музея. Акрамя таго, музей расказвае пра багатую культуру і гісторыю Лунінецкага краю.

Штогод у апошнюю нядзелю мая Івацэвіцкі раённы краязнаўчы музей запрашае на тэатралізаваную экскурсію "Адзін дзень з жыцця партызанскага атрада", якая праводзіцца на тэрыторыі філіяла "Хаваншчына".

Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей знаходзіцца не ў райцэнтры, а за некалькі кіламетраў на поўнач, у вёсцы Малыя Сяхновічы. Не апошнюю ролю пры выбары месца для будучай установы культуры адыграла тое, што, паводле адной з версій, менавіта тут нарадзіўся герой Трох кантынентаў Тадэвуш Касцюшка. Адзін з галоўных экспанатаў размешчаны непасрэдна перад уваходам у музей - помнік Тадэвушу Касцюшку, які быў выраблены ў 1932 годзе скульптарам Бальбінай Відацкай-Свіціч. Другі помнік легендарнаму вызваліцелю ў Беларусі ёсць толькі ў пасольстве ЗША. Музей тэматычна падзелены на тры залы: этнаграфія, Тадэвуш Касцюшка і Вялікая Айчынная вайна. Завяршыць знаёмства з музеем можна прагулкай па стагадовай ліпавай алеі былога сядзібнага парку. Паводле легенды, некаторыя дрэвы былі высаджаны ўласнаручна знакамітым земляком.

Экспазіцыя Мотальскага музея народнай творчасці ўключае залы гісторыі і сялянскага побыту, рамёстваў, земляробства, ільноапрацоўкі, ткацтва, адзення, абрадаў, выставачную, якія раскрываюць перад наведвальнікамі рэгіянальныя асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры заходняга Палесся. Музей мае багатыя калекцыі этнаграфіі, ткацтва, вышыўкі, пляцення. Асаблівая ўвага ў рабоце музея ўдзяляецца захаванню і прапагандзе вуснай народнай творчасці. Сабрана калекцыя народнай паэтыкі: святы, звычаі, абрады, прымаўкі, прыказкі, жарты, былі, дзіцячы фальклор. Музей прапануе наведвальнікам шэраг інтэрактыўных праграм. Для юнай аўдыторыі распрацаваны цыкл музейна-педагагічных заняткаў пад агульнай назвай "У гасцях у бабулі Алены", які раскрывае багаты патэнцыял народнай педагогікі. Для дарослага наведвальніка прапануецца абрадавая экскурсія "Жывы гук" па круглагадовым каляндарным цыкле, лекцыя-экскурсія "Вясельны каравай", "Трэці дзень вяселля. Раздзел вясельнага каравая", "Пасаг". Усе творчыя мерапрыемствы музея праводзяцца з удзелам народнага калектыву "Мотальскія суседзі". Сапраўдны брэнд Іванаўскага раёна - міжнародны кулінарны фестываль "Мотальскія прысмакі", адным з арганізатараў якога з'яўляецца Мотальскі музей народнай творчасці.

За шматгранную работу па прапагандзе і папулярызацыі народнай творчасці і традыцыйных промыслаў у 2001 г. музей быў узнагароджаны Дыпломам аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне музейнай справы.

У музеі народнай творчасці "Бездзежскі фартушок" сабраны і захаваны ўнікальныя вырабы ткацтва і вышыўкі жыхароў в. Бездзеж і бліжэйшых вёсак. Жамчужыну калекцыі складаюць 246 вышытых фартушкоў. Калекцыі цікавыя тым, што сакрэты вышыўкі і ткацтва перадаваліся з пакалення ў пакаленне, захоўваючы пры гэтым сваю ўнікальнасць. У 2009 г. музей узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за стварэнне ўнікальнай калекцыі аўтэнтычных узораў народнай творчасці, значны ўклад у захаванне і папулярызацыю мясцовых рамёстваў, абрадаў і дыялектаў. У Бездзежы захаваўся вясенні абрад, які існуе толькі ў гэтай мясцовасці - "Стрэлка" (па-мясцоваму - стрылка). Ён уяўляе сабой ваджэнне карагода каля царквы Святой Тройцы. У 2014 г. абрад уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Паўдзельнічаць у ім магчыма, калі наведаць музей на другі дзень Вялікадня. У музеі прадстаўлены і нацыянальны падворак - фрагмент хаты, якую будавалі ў канцы ХІХ - пачатку XX стст., прадметы побыту вяскоўцаў. Традыцыйным стаў абласны фестываль народнай творчасці "Таночак", які праводзіцца музеем народнай творчасці "Бездзежскі фартушок".

Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава адзіны музей у Беларусі, звязаны непасрэдна з асобай вялікага расійскага палкаводца. Музей прадстаўляе дзве экспазіцыі: мемарыяльную - "Дом А.В. Суворава", размешчаную непасрэдна ў доме, які ў канцы XVIII ст. належаў палкаводцу, і "Сем стагоддзяў Кобрына". У аснову апошняй пакладзена ваенная гісторыя Кобрыншчыны ў кантэксце ваеннай гісторыі Беларусі XIII-XX стст. Найбольш каштоўныя калекцыі: зброя, воінскае абмундзіраванне і амуніцыя, фалерыстыка, друкаваныя выданні. Захоўваюцца і рэдкія музейныя прадметы: двухручны меч "палымнеючы клінок", наразная пішчаль і поўны камплект рыцарскага даспеха XVI ст., абмундзіраванне часоў вайны 1812 г. Да ліку ўнікальных мемарыяльных прадметаў адносяцца: узнагародная шабля прускага генерала фон Цытэна, шабля руская данскога атамана Шчарбакова з дароўным надпісам імператрыцы Лізаветы Пятроўны, прадметы асабістага гардэроба расійскіх імператараў Пятра III, Паўла I, Аляксандра I. Спецыфіка культурна-адукацыйнай дзейнасці заключаецца ў распрацоўцы музейна-педагагічных заняткаў, у якіх ствараюцца гістарычныя і эмацыянальныя рэканструкцыі розных перыядаў гісторыі з выкарыстаннем тэатральна-мастацкіх форм работы.

Ваенна-гістарычны музей імя Д.К. Удовікава знаёміць з гісторыяй партызанскага руху Драгічынскага краю. Экспазіцыя музея заснавана на фотаздымках, дакументах, успамінах і пісьмах партызан-ветэранаў. У калекцыі музея асабістыя рэчы кіраўнікоў партызанскага руху, узоры зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пры музеі працуе падлеткавы клуб "Азімут", які займаецца ўстанаўленнем імён загінулых абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, якія лічацца невядомымі.

Карцінная галерэя раённага музейнага комплексу Н. Орды знаёміць з творчай спадчынай знакамітага земляка, расказвае пра яго жыццёвы шлях. Для наведвальнікаў праводзяцца экскурсіі, канцэртныя праграмы, музейна-педагагічныя заняткі "Іванаўшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны", "Іванаўшчына праваслаўная", "Дуга Струвэ" (знаёміць з гісторыяй стварэння дугі Струвэ - аб'ектам пад аховай ЮНЕСКА), рэгістрацыі шлюбу, пастановачныя фотасесіі ў музеі ў стылі XIX стагоддзя.

За кошт дзяржаўных сродкаў і пры фінансавай падтрымцы ЗША ва ўрочышчы Мерачоўшчына была адноўлена сядзіба Т. Касцюшкі. І ўжо 23 верасня 2004 года было ўрачыстае адкрыццё музея-сядзібы Т. Касцюшкі. Гэта месца, дзе прайшлі першыя гады жыцця Тадэвуша Касцюшкі - аднаго з вядомых дзеячаў беларускага народнага руху і нацыянальнага героя Польшчы і ЗША, а таксама ганаровага грамадзяніна Францыі. Сёння тут размешчаны музей-сядзіба - аўтэнтычны сельскі дом, дзе некалі жыў вядомы грамадскі дзеяч. Арыгінальным месцам у музеі з'яўляецца падвал, дзе да нашага часу захавалася каменная падлога. Сёння музей-сядзіба прыцягвае турыстаў сваёй багатай гісторыяй, цалкам добраўпарадкаванай прылеглай тэрыторыяй, багаццем клумбаў, а таксама размешчаным недалёка палацам Пуслоўскіх. Традыцыйна ў Міжнародны дзень музеяў, 18 мая, тут можна ўбачыць тэатралізаваную экскурсію "Адзін дзень з жыцця Тадэвуша".

Музей-сядзіба "Пружанскі палацык" знаходзіцца ў адзінай адноўленай сядзібе такога тыпу ў Беларусі - помнік сядзібна-паркавай архітэктуры неарэнесансу XIX ст. Размешчана сядзіба на паўночнай ускраіне горада, у парку. Ансамбль сядзібы ўключае мураваны дом, да якога з боку горада вядзе шырокая алея, 2 каменныя флігелі і парк пейзажнага тыпу. Аўтарам праекта пружанскага сядзібнага палаца быў Францыска Марыя Ланцы (1799-1875 гг.) - вядомы італьянскі архітэктар. Экспазіцыя музея расказвае пра гісторыю палаца, яго ўладальнікаў. Багатыя фондавыя калекцыі дазваляюць ствараць выставы аб мясцовай гісторыі і культуры. Акрамя таго, у музеі праходзяць музычна-літаратурныя вечары, лекцыі, навуковыя канферэнцыі.

Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў размешчаны ў мястэчку Ружаны і ўяўляе сабой руіны некалі вялікага палаца роду Сапегаў і помнік архітэктуры XVII стагоддзя. Палац Сапегаў быў пабудаваны ў 1602 годзе канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам. Пасля заканчэння рэстаўрацыйных работ у 2010 годзе, ва ўсходнім флігелі музея створана экспазіцыя, прысвечаная дзейнасці роду Сапегаў, у заходнім флігелі - гісторыі гарадка Ружаны - галоўнай рэзідэнцыі роду, помнікам архітэктуры часу Сапегаў, а таксама экспазіцыйная зала "Гасціная канцлера", дзе ў інтэр'ерах XVII-XVIII стст. праводзяцца тэатралізаваныя гістарычныя рэканструкцыі, якія мелі дачыненне да гісторыі Ружанскага палацавага комплексу Сапегаў. Штогадовы фестываль "Ружанская брама" збірае ў музеі тысячы ўдзельнікаў з блізкага і далёкага замежжа.

Сядзіба Нямцэвічаў у в. Скокі - унікальны і значны аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны, адзіны архітэктурны будынак такога кшталту ў ваколіцах г. Брэста. Сядзіба была пабудавана, як мяркуецца, у 1777 г. Тут жыў Юльян Урсын Нямцэвіч (1757-1841) - пісьменнік, публіцыст, дзяржаўны дзеяч, ад'ютант Тадэвуша Касцюшкі, адзін з аўтараў першай Канстытуцыі ў Еўропе (1791 г.). Менавіта ў сценах сядзібы 15 снежня 1917 г. быў падпісаны пратакол аб ваенным перамір'і паміж Савецкай Расіяй і Германскай імперыяй. У музеі дзейнічаюць некалькі залаў: "Зброевая", музычна-мастацкі салон і выставачная зала. Акрамя традыцыйных і касцюміраваных экскурсій, музей прапануе вясельныя фотасесіі. Штогод гісторыка-мемарыяльны музей "Сядзіба Нямцэвічаў" сумесна з гістарычнымі клубамі праводзіць рэканструкцыі гістарычных падзей Першай сусветнай вайны, свецкіх баляў і салонаў.

Карысныя спасылкі