Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным

У Беларусі стартаваў агульнарэспубліканскі маладзёжны кірмаш вакансій

22/04/2024 14:04
22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. II Агульнарэспубліканскі кірмаш вакансій для моладзі стартаваў у Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Як паведамлялася раней Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, у кірмашы прыме ўдзел амаль 2,4 тыс. наймальнікаў розных сфер дзейнасці, якія прадставяць, паводле папярэдніх даных, больш за 25 тыс. свабодных рабочых месцаў.

У ведамстве таксама дадалі, што кірмаш у кожным абласным горадзе і ў вялікіх гарадах з колькасцю насельніцтва звыш 50 тыс. чалавек будзе праходзіць не менш за тры дні, а ў невялікіх рэгіёнах - на працягу двух дзён. Так, у 12.00 кірмаш адкрыўся ў Пінску, Ноўцы і Лоеве. А ўжо ў 14.00 ён адкрые свае дзверы моладзі з Кобрына, Лепеля, Нароўлі і іншых населеных пунктаў.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі вядучыя работадаўцы кожнай вобласці: прадпрыемствы прамысловасці, арганізацыі гандлю, гасцінічнага і рэстараннага бізнесу, лясной і сельскай гаспадаркі. У Мінску, напрыклад, маладым людзям прапанавалі папрацаваць у цэхах МАЗа. У Барысаўскім раёне можна стаць часткай калектыву "БЕЛДЖЫ". У абавязкі супрацоўніка будзе ўваходзіць камплектаванне, сартаванне, распакоўка вырабаў і інструменту. Можна знайсці работу на любы густ: касір, афіцыянт, повар і многае іншае.

Мэта кірмашу - садзейнічанне ў працаўладкаванні не толькі навучэнскай моладзі ў свабодны ад вучобы час, але і выпускнікоў навучальных устаноў. "Маладыя людзі змогуць прайсці гутарку з работадаўцамі, атрымаць кансультацыі па садзейнічанні ў працаўладкаванні і прайсці прафесійнае тэсціраванне для выбару далейшай кар'ернай траекторыі", - адзначылі ў Мінпрацы.

Акрамя таго, для навучэнцаў будзе арганізавана тэматычнае мерапрыемства па растлумачэнні заканадаўства, якое рэгулюе занятасць моладзі, - "Сем крокаў да працаўладкавання". Маладыя людзі таксама змогуць пратэсціраваць сябе з выкарыстаннем сэрвісу Мінпрацы "Крок у прафесію", які размяшчаецца на партале дзяржаўнай службы занятасці. "Крок у прафесію" - гэта маштабны лічбавы рэсурс па прафесійнай арыентацыі для ўсіх грамадзян незалежна ад узросту", - падкрэслілі ў ведамстве. 

Рэспубліканскі кірмаш вакансій прадоўжыцца да 26 красавіка.-0-